ХВАРО́БЫ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫХ РАСЛІ́Н.
Пашкоджваюць асобныя органы або прыводзяць да гібелі раслін, зніжаюць ураджай і якасць расл. прадукцыі. Шкаданоснасць залежыць ад устойлівасці сартоў да хваробы, агратэхн. догляду, надвор’я і інш. На Беларусі ў выніку Х.с.р. залежна ад ступені іх развіцця страты ўраджаю бываюць ад 5 да 15%, у гады эпіфітоцый да 30%.
Найб. пашыраныя і шкаданосныя на збожжавых культурах снежная плесня, каранёвыя гнілі, пыльная галаўня, сеткавая, цёмна-бурая і чырвона-бурая плямістасці (гл. Гельмінтаспарыёзы), рынхаспарыёз, мучністая раса; на зернебабовых культурах — фузарыёз, шэрая гніль, вузкалістасць і пабурэнне лубіну, аскахітоз гароху і бобу; на бульбе — фітафтароз, макраспарыёз, рызактаніёз, бактэрыяльныя і грыбныя гнілі клубняў; на лёне — фузарыёзнае завяданне, антракноз, поліспароз лёну, фамоз, пасма; на цукровых бураках — цэркаспароз, караняед буракоў, перонаспароз, фамоз; на капусце — сасудзісты і слізісты бактэрыёзы, чорная плямістасць; на агурках — белая і каранёвыя гнілі, антракноз, аскахітоз, мучністая раса; на пладова-ягадных культурах — парша (гл. Парша раслін), пладовая гніль, рак (гл. Рак раслін), мучністая раса, іржа (гл. Іржа раслін) і інш.
Меры барацьбы з Х.с.р. накіраваны на прадухіленне хвароб: падбор устойлівых сартоў, здаровага пасадачнага матэрыялу, высокі ўзровень агратэхнікі. знішчэнне заражаных расл. рэшткаў, выкарыстанне агратэхн., біял. і хім. метадаў аховы раслін, выкананне каранцінных мерапрыемстваў (гл. Каранцін).
Літ.:
Справочник по защите сельскохозяйственных растений от вредителей, болезней и сорняков. 2 изд. Мн., 1983;
Буга С.Ф., Протасов Н.И., Самерсов В.Ф. Защита растений. Мн., 1983.
В.Л.Мароз.
т. 16, с. 571